У навагрудскім касцёле Арханёла Міхаіла 27 красавіка ўрачыста адкрылі крыпту імя cвятога Дамініка і біскупа Віта.
Крыпта ў Навагрудскім касцёле Арханёла Міхаіла. Фота: Facebook / Ірына Варкулевіч
Адкрыццё крыпты для наведвання пачалося са святой імшы і было прымеркавана да 400-годдзя касцёла. Службу ўзначаліў біскуп-намінат Уладзімір Гуляй.
Крыпта знаходзіцца ў найстарэйшай частцы касцёла, дзе яшчэ да яго пабудовы стаяла капліца. Там размяшчаюцца пахаванні айцоў дамініканцаў, а таксама сям’і фундатараў касцёла з роду Хадкевічаў.
«Працы па падрыхтоўцы крыпты, яе ачышчэнні і прывядзенні да ладу доўжыліся тры гады. Цяпер кожны наведнік Навагрудка, можа наведаць гэтае старажытнае месца і такім чынам дакрануцца да багатай гісторыі нашай зямлі», — адзначыў пробашч касцёла ксёндз Юрый Жэгарын.
Крыптай называюць падземную частку храма, звычайна размешчаную пад алтаром, дзе традыцыйна хавалі манахаў або дабрачынцаў касцёла.
Крыпта ў Навагрудскім касцёле Арханёла Міхаіла. Фота: Facebook / Ірына Варкулевіч
Наведаць навагрудскую крыпту можна штодзённа ў час працы касцёла — з 10:00 да 17:30. Кошт наведвання — добраахвотнае ахвяраванне. Таксама крыпту можна наведаць з экскурсіяй, загадзя дамовіўшыся па нумары тэлефона: +375 333 077 134.