Кніжная серыя «Бібліятэка Бацькаўшчыны», заснаваная Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» ў 2004 годзе, сёлета адзначае 20-гадовы юбілей, піша bellit.info. Серыя стваралася з мэтай папулярызацыі ведаў пра беларускую дыяспару, што ў святле вялікай новай хвалі эміграцыі пасля 2020-га зрабілася яшчэ больш актуальным.
Яшчэ ў 2004 годзе патрэба ў гэтай серыі наспела ў сувязі з тым, што тэма беларускай дыяспары была слаба даследавана ў Беларусі. Амаль траціна нашай нацыі жыве па-за межамі краіны. Многія беларусы, з’ехаўшы з краіны, не перарывалі з ёй повязь: засноўвалі беларускія асяродкі, школы, цэрквы. Яны не толькі захоўвалі і захоўваюць сваю беларускасць, але з’яўляюцца іміджавымі цэнтрамі Беларусі ў краінах свайго пражывання. Але ў самой Беларусі іхны ўнёсак у развіццё беларускай нацыі заставаўся малавядомым.
Таму часткова ролю па вывучэнні гісторыі і сучаснасці беларускай дыяспары ўзяло на сябе «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», заснаваўшы серыю «Бібліятэка Бацькаўшчыны». Кнігі серыі — спосаб зрабіць беларускае замежжа бліжэйшым для суайчыннікаў у Беларусі і новым эмігрантам, даць магчымасць навукоўцам і проста зацікаўленым асобам атрымаць інфармацыю па гісторыі, літаратуры, адукацыі, друку і іншых аспектах жыцця беларусаў у розных краінах свету.
За гэты час у межах серыі выйшла каля 50 кніг: архівы, мемуары, дакументы, успаміны, выбраныя мастацкія творы. Са спісам выданняў можна азнаёміцца і купіць праз сайт фонда «Камунікат», які аднавіў выданне кніг серыі, а некаторыя даступныя ў Беларусі кнігі можна купіць тут.
Чытайце яшчэ:«Хай лёгкай будзе аўстралійская зямелька...» Выйшаў шыкоўны даведнік па беларускіх могілках у замежжы
Святар, які звярнуў увагу Ватыкана на беларусаў як асобную нацыю. Выйшла кніга «Выбранае» айца Льва Гарошкі
ГУЛАГ, санет і медныя трубы. Новае выданне Міхася Кавыля